Пасьля нядаўняе лясное сэсіі з Антонам Крывулем (СолнцеЦветы) узгадаўся аналягічны праект з патасным назовам "Першы гукавы пленэр", што быў зладжаны ўлетку 2003 году й болей не праводзіўся. Хоця тады меўся наіўны й беспадстаўны разьлік, што да яго далучацца людзі, і "гукавыя" пленэры стануць такой жа распаўсюджанай зьявай, што й мастацкія.
Людзей тут удзельнічала колькасьць, мякка кажучы, мізэрная. "Пленэр" праводзіўся ў некалькіх кілямэтрах ад вёскі Саўдзеневічы, што на Лагойшчыне. Зь інструмэнтамі й дыктафонам мы перасоўваліся зь мейсца на мейсца й імправізавалі - лес, поле, паляна, узгорак, капішча... Дайшоўшы да крыніцы, купалі ў вадзе званочкі, шорхалі галькай і адмахваліся ад камароў.
У выходныя ўсё было запісана, а ўжо ў панядзелак я меў гатовы апрацаваны запіс на CD.